На вялікі жаль амаль паўмільённы горад сёння не можа пахваліцца адмысловымі забаўляльнымі ўстановамі для тых, хто жадае бавіць час з любімым чалавекам таго ж полу. Ні клубаў, ні дыскатэк для гомасэксуалаў, ні нават адмыслова наладжваемых дыскатэк ды вечарынаў для тэматычных стасункаў у нейкіх звычайных клубах, у Гомелі няма.
Шыфруючыся "пад натуралаў” геі адрываюцца на той жа "Плазе” ці ў "Нэма”. Тым не менш, тут ёсць куды падацца, каб мець шанец пазнаёміцца з тымі, хто не будзе з шырокімі вачыма і выразам "Ніфігасе! У Гомелі ёсць галубыя?!” прыдумляць якім чынам гэтым "галубым” сапсаваць жыццё.
Найбольш вядомая з лаяльных да гомаксэксуалаў кавярань, якую яны ўпадабалі даволі даўно – "Station оne” – па вуліцы Рагачоўскай каля перакрыжавання яе з Савецкай у раёне ўнівермага "Гомель”. Тут часцяком збіраюцца гей-кампаніі, час ад часу разбаўленыя дзяўчынкамі-лесбі. Можна сустрэць і адзінокіх хлопцаў, якія сумным ацэньваючым позіркам сустракаюць уваходзячых.
З нядаўняга часу папулярнасцю ў гомельскіх гееў стала карыстацца адкрытая пляцоўка рэстарана "Бацькі” (былы рэстаран "Сож”) у пачатку Савецкай. У ёй зараз таксама можна сустрэць шмат гееў, да якіх там адносяцца даволі спакойна.
Часцяком геі збіраюцца і ў бары "Жыгулі”, што ў забаўляльным цэнтры "Еўропа” каля парка і плошчы Леніна. Што тычыцца коштаў ва ўсіх згаданых установах, дык яны тут прыкладна аднолькавыя і не з’яўляюцца асабліва дарагімі, але і не вельмі танныя – сярэднегарадскія.
Пашырэнне ліку кавярань, якія ўпадабалі гомасэксуалы звязана ў першую чаргу з забаронай ужывання слабаалкагольных напояў на вуліцы. Літаральна некалькі год таму ў скверы насупраць крамы "Колокольчик”, у раёне цырка і лялечнага тэатра вясёлкавая молодзь актыўна збіралася на так званую "плешку”, якая ўяўляла сабой лавачкі вакол фантану прама перад згаданай крамай. Тут можна было і знайсці новае знаёмства і атрымаць масу станоўчых эмоцый ад зносінаў з такімі ж як ты. З развіццём інтэрнэту, а потым і забаронай алкаголю на вуліцы, лаўкі пачалі пусцець і зараз тут можна зрэдку сустрэць "недаперапіўшыя” гей-кампаніі, якія страцілі пільнасць і рызыкуючы быць затрыманымі спрабуюць "узгадаць маладосць”. Хаця, часам трапляюцца і адзінокія асобы, якія самотна выглядваюць сабе кагосці.
Ну і, нягледзячы на "несезон”, нельга не ўзгадаць гомельскі гей-пляж. Нават зараз, на схіле сонечных дзён года, ён час ад часу некім і напаўняецца. Хаця ўвесь гэты год над ім навісала пагроза знішчэння падчас будаўніцтва прамой дарогі з Валатавы ў Навабеліцу, аднак дарога прайшла на бяспечнай адлегласці і густыя хмызнякі пакуль дастаткова надзейна хаваюць аматараў, пашпацыраваць з мінімумам адзення па натуральнай прыродзе, ад вачэй тых, хто знаходзіцца на высокім насыпу будучай аўтастрады. Трапіць на пляж проста – перайшоўшы Сож па пешаходным мосціку насупраць парка, звярнуць з прыступак налева ды ісці паўз раку практычна да ўпора – за паваротам ракі на беразе шырокай затокі і любяць збірацца прадстаўнікі, ў асноўным, гей-супольнасці.
Наведваючы мясціны кшталту згаданага пляжа, варта памятаць пра меры бяспекі. Калі вас раптам абуяюць пачуцці, неабходна мець сродкі перасцярогі ад розных непрыемных хвароб. Таму, хацелася б параіць заўсёды трымаць у галаве адрас гомельскага прадстаўніцтва моладзевай арганізацыі "Встреча” - вуліца 2-я Рэвалюцыйная, 8, к. 5. У ім можна не толькі атрымаць прэзерватывы і лубрыканты (змазку), але і ўзяць накіраванні на поўнае бясплатнае абследаванне на ўсе інфекцыі, якія перадаюцца полавым шляхам, а ў выпадку цяжкіх жыццёвых варункаў звярнуцца па дапамогу да псіхолага, тэлефон «гарачай лініі»: 57-83-97, каардынатар: Вадзім; працуе гомельскае прадстаўніцтва ў панядзелак, сераду і пятніцу з 19:00 да 21:00.
Вось такім зараз падаецца вясёлкавае жыццё буйнеёшага пасля сталіцы абласнога цэнтра нашай краіны. У наступных артыкулах мы паспрабуем акунуца ў гей-жыццё іншых абласных цэнтраў Беларусі.